Уменьшить шрифт Сбросить шрифт Увеличить шрифт

Russian

Belarusian

English

Язык

Конкурс на лучшую медицинскую сестру провели в Островце

медсестра 1

Прыгожыя, таленавітыя, актыўныя, жыццялюбівыя майстры шпрыца, танометра і  медыцынскіх прэпаратаў сабраліся на раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Беларускі майстар-2017” па спецыяльнасці “Медыцынская сястра”, які  прайшоў у цэнтральнай раённай бальніцы.

медсестра 2

Восем медыцынскіх сёстраў рашыліся расказаць пра сябе і прадэманстраваць тэарэтычныя веды і практычныя навыкі.

медсестра 3

У дзень конкурсу сярэдняя тэмпература па бальніцы яўна была вышэй нормы, а настрой у актавай зале проста зашкальваў. Столькі пазітыўных эмоцый, творчасці і крэатыву падарылі гледачам удзельнікі конкурснага мерапрыемства і вядучыя, якія пазбаўлялі ад вострых вуглоў і дапамагалі пераадольваць  складанасці.

медсестра 4

Першым конкурсным выпрабаваннем стала прэзентацыя візітнай карткі – за пяць хвілін удзельнікам мерапрыемства неабходна было расказаць пра сябе і сваю работу.

медсестра 5

Першай на сцэну выйшла медсястра па прыёму і перадачы выклікаў аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Ганна Лаўрэцкая – менавіта яе голас чуюць тыя, хто выклікае “хуткую”. Старанная, жыццесцвярджальная і ў той жа час прагматычная – чаму б і не паўдзельнічаць у конкурсных выпрабаванях?

Наступная ўдзельніца конкурсу Аксана Мізей цудоўна разумее,  наколькі кволым з’яўляецца чалавечае жыццё. Яна працуе медыцынскай сястрой аддзялення анэстэзіялогіі і рэанімацыі – і кожны дзень дапамагае вярнуцца да жыцця хаця б аднаму пацыенту.  А тое, як праходзіць яе дзень, гледачы змаглі ўбачыць у відэароліку.

медсестра 7

Медсястру працэдурнага кабінета паліклінікі Алену Велінец прадставілі калегі: цудоўная мама, дачка і сястра, масажыст са стажам, малодшы сержант, неаднаразовая ўдзельніца і пераможца спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў…

Яшчэ адна  ўдзельніца конкурсу амаль кожны дзень віншуе шчаслівых мам з нараджэннем сына ці дачушкі – Дар’я Сапега працуе медыцынскай сястрой для нованароджаных радзільнага аддзялення. Пра сваю работу  дзяўчына расказала ў вершах, а з падтрымкай калег    праспявала песню.

У вершах і ў прозе з дапамогай фотапрэзентацыі паведаміла пра сваё жыццё, работу і сям’ю медыцынская сястра працэдурнага кабінета тэрапеўтычнага аддзялення №1 Таццяна Козіч. Матулін прыклад, вучоба ў вучылішчы, работа  ў абласным перынатальным цэнтры, у астравецкай бальніцы  –  увесь час галоўным дэвізам яе жыцця былі  словы “Каб шчаслівай і вясёлай  быць – сям’ю і работу трэба любіць”.

Анжаліка Лук’янчык, якая працуе медыцынскай сястрой працэдурнага кабінета хірургічнага аддзялення, з дзяцінства хацела лячыць людзей, хаця і вельмі баялася ўколаў. Сёння ж яна ўпэўнена, што няма прафесіі больш важнай і складанай.

медсестра 6

Жартоўны відэаролік пра дзень палатнай медсястры тэрапеўтычнага аддзялення №2 Эдзіце Скаскевіч дапамаглі  падрыхтаваць яе калегі.

Прыгажуню, спартсменку, члена прафкама, камсамолку, медыцынскую сястру фізіятэрапеўтычнага кабінета аддзялення медыцынскай рэабілітацыі Міхалішкаўскай участковай бальніцы  Таццяну Каранік прадставіў галоўны ўрач Генрых Генрыхавіч Калтан. А затым і сама медсястра прадэманстравала  цудатворны эфект яе масажу.

Пасля  цікавых прадстаўленняў удзельнікам  давялося прадэманстраваць тэарэтычныя веды. Канешне, тым, хто даўно скончыў вучылішча, давялося больш складана, чым іх маладым калегам,  – тым не менш усе канкурсанткі справіліся з тэст-кантролем.

Падчас  дэманстрацыі практычных навыкаў медсёстрам неабходна было спавіць нованароджанага і заправіць сістэму для ўнутрывеннай інфузіі. Заставалася толькі дзівіцца, як хутка і  ў той жа час акуратна гэта ў іх атрымлівалася.

медсестра 8

А заключным стаў  конкурс дамашняга задання пад назвай “Медыцынская форма будучага”. Адна з канкурсантак у медыцынскую форму  апранула  ляльку, другая да прадстаўлення падыйшла з гумарам – у выніку медыцынская форма атрымала не толькі незвычайную назву, але і цікавае афармленне: “універсал-трансформер”, калі спадніца ператвараецца ў шорты, а медыцынская сястра  –  у  медбрата. Успаміналі канкурсанткі і стары медыцынскі халат з мінулага стагоддзя, стваралі сапраўдныя ўборы ў стылі мадэрн, шылі шматфункцыянальныя фартухі з мноствам кішэняў  і аздаблялі іх беларускай вышыванкай, была прадстаўлены ўніформа, аснашчаная партатыўным камп’ютарам,  і нават дадатковым наборам рук. А ўявіце медсястру на роліках, пры дапамозе якіх можна  хутка падбегчы да пацыента, а пры неабходнасці гэтак жа хутка збегчы ад яго!

Было цікава і незвычайна –  усе ўдзельніцы за гэты конкурс атрымалі найвышэйшы бал.

Пакуль журы падводзіла вынікі, у зале вызначалі пераможцу ў намінацыі “Прыз глядацкіх сімпатый” – кожны мог аддаць свой голас за адну з удзельніц.

  • “Медыцына” – слова жаночага роду. І асноўная нагрузка у барацьбе за жыццё пацыента кладзецца на жаночыя плечы.  Жанчын любяць і паважаюць. Сёння яны  прадэманстравалі не толькі прафесійныя якасці, але і гумар, творчасць і новыя цікавыя ідэі, –  сказаў, падводзячы вынікі конкурсу, старшыня журы Уладзімір Часлававіч Мажэйка. –  Вельмі прыемна было глядзець на залу, якая  падтрымлівала ўдзельніц. Бачна, што ўсе мы – вялікі калектыў аднадумцаў, у якім камфортна працаваць і адпачываць.

Менавіта на Уладзіміра Часлававіча лягла адказная місія – агучыць імёны пераможцаў.  Так, трэцяе месца журы падзяліла паміж Таццянай Козіч і Эдзітай Скаскевіч, другое было аддадзена Анжаліцы Лук’янчык, а першае – Дар’і Сапезе. “Прыз глядацкіх сімпатый” дастаўся Эдзіце Скаскевіч.  Усе пераможцы і ўдзельніцы мерапрыемства атрымалі дыпломы і падарункі.

  • Калі рыхтаваліся да гэтага конкурсу, то перажывалі: ці атрымаецца, як гледачы ўспрымуць канкурсантак,  як удзельніцы конкурсу будуць трымацца на сцэне? Цяпер адназначна можна сцвярджаць, што нашы медыцынскія сёстры – не толькі прафесіяналы ў сваёй справе, але і майстры слова і  выдумкі. Я ўдзячны ім за цярпенне і мужнасць, –  віншуючы ўдзельніц конкурсу, адзначыў старшыня прафсаюзнага камітэта бальніцы Тадэвуш Зыгмундавіч Субаткевіч.

 

Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.

Источник