Уменьшить шрифт Сбросить шрифт Увеличить шрифт

Russian

Belarusian

English

Язык

Галина Зубель не представляет своей жизни без любимой работы

Гэтую ўсмешлівую жанчыну на Астравеччыне ведаюць усе дзеці і іх бацькі. Галіна Мікалаеўна Зубель, загадчыца педыятрычнага аддзялення паліклінікі, дапамагае малышам змагацца з хваробамі і немачамі. І, напэўна, па гэтай прычыне партрэт Галіны Мікалаеўны рашэннем райвыканкама быў занесены на раённую Дошку гонару.

У пошуках будучыні

А пачыналася ўсё ў дзяцінстве. Бацька Галіны, Мікалай Якаўлевіч Ключнікаў, падчас Вялікай Айчыннай вайны быў моцна паранены – як вынік, яму часта даводзілася ездзіць па шпіталях, ляжаць у бальніцы. Менавіта таму ён з дзяцінства гаварыў сваім дзяўчаткам – Дануце і Галіне, што хоча бачыць іх урачамі. І яны ні пра што іншае не марылі.
– Тата перанёс некалькі аперацый – і пасля іх мне часта даводзілася сядзець каля яго ложка ў бальніцы. Першай у медінстытут паступіла Дана – яна выбрала лячэбны факультэт. Праз чатыры гады прыйшла мая чарга, – расказвае Галіна Мікалаеўна.
– Я ведала, куды паступаю і кім хачу быць. У той год у Гродзенскім медыцынскім інстытуце адкрылі новае аддзяленне – педыятрычнае, і я вырашыла паступаць на яго. У дзяцінстве мне думалася, што хварэюць толькі дарослыя, а потым, у старэйшых класах, прыйшло ўсведамленне, што ўсе хваробы пачынаюцца з дзяцінства. Гэта і стала вызначальным пры выбары спецыялізацыі.
Гады вучобы ляцелі хутка. Тым больш што менавіта ў інстытуце Галіна сустрэла сваё каханне – Тадэвуш Зубель вучыўся на старэйшым курсе. Спачатку завязалася знаёмства, а пасля заканчэння Галінай чацвёртага курса яны вырашылі ажаніцца.
Надыходзіў якраз 1986 год, калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Усіх выпускнікоў медінстытута размеркавалі ў «чарнобыльскія» раёны – Тадэвуш трапіў у Хойнікі. А потым і Галіна паехала ў Гомель праходзіць інтэрнатуру. Такім чынам адлегласць не стала перашкодай для вялікага кахання.
Жыццё Галіны і Тадэвуша ішло размерана: работа, дом, сям’я.
У Хойніках у Зубеляў нарадзіўся першынец Андрэй – і здавалася, шчасцю маладых таты і мамы не будзе канца. Толькі бацькі звалі Галю і Тадзіка на радзіму – як яны там жывуць у той радыяцыі?
– Канешне, хацелася пераехаць бліжэй да бацькоў. Толькі дзе знайсці тое месца, каб усім было добра? Калі прапаноўвалі работу – не было кватэры, ці наадварот: камусьці з нас – не было працы, – успамінае Галіна Мікалаеўна месяцы пошукаў.
Толькі, відаць, лёс-свавольнік ужо даўно ўсё вырашыў за ма-ладых урачоў і чакаў, калі Зубелі завітаюць да сваіх родзічаў на Астравеччыну.

Астравец

– У Астраўцы жыла мая цётка. І часам мы прыязджалі сюды. А аднойчы вырашылі наведацца ў бальніцу. Зайшлі да галоўнага ўрача Валянціна Ігнатавіча Тачонага і спыталіся пра работу. Ён узрадаваўся нашаму візіту – адразу ж прапанаваў мужу месца ў аддзяленні рэанімацыі – тады яго толькі збіраліся адкрываць, а мне пасаду ўрача-педыятра. Паказаў інтэрнат, дзе мы маглі б часова размясціцца, а потым прывёз да дома на вуліцы Валадарскага, які яшчэ толькі будаваўся, і паабяцаў нам у ім кватэру.
Радушны прыём галоўнага ўрача, які па-бацькоўску аднёсся да маладых дактароў, жыллё, няхай і ў інтэрнаце, перспектыва з часам засяліцца ў сваю ўласную кватэру – Зубелі не раздумвалі. І перасяленне не прымусіла доўга чакаць.
– Зрэшты ўсё так і атрымалася, як «маляваў» нам Валянцін Ігнатавіч падчас першай сустрэчы: мы атрымалі работу, засяліліся ў інтэрнат і праз нейкі час атрымалі ключы ад новай кватэры, – усміхаецца Галіна Мікалаеўна. – Толькі потым адмовіліся ад іх: побач з бальніцай будаваўся чатырох-кватэрны дом для ўрачоў, каля якога быў прысядзібны ўчастак – і мы вырашылі пачакаць.
Жыццё паступова наладжвалася на новым месцы: побач жылі родзічы, потым з’явіліся сябры, агульныя інтарэсы. Ды і любімая работа не давала сумаваць.

Любімая работа

25 гадоў Галіна Мікалаеўна працуе ў Астраўцы. За гэты час яе першыя маленькія пацыенты ўжо нарадзілі сваіх дзетак – і сёння прыводзяць іх на прыём да ўрача-педыятра.
– Многае змянілася і ў медыцыне: прыйшлі новыя тэхналогіі, абнавілася ўсё і ў нашай бальніцы, пачынаючы са сцен і заканчваючы абсталяваннем. Іншымі сталі і людзі, толькі галоўная запаведзь урача – не нашкодзь – як і раней стаіць на першым месцы, – упэўнена загадчыца педыятрычнага аддзялення.
А працаваць з людзьмі заўсёды было складана. Тым больш з самымі маленькімі, каля якіх побач пастаянна знаходзяцца мама і тата, часам – бабуля і дзядуля, якія хвалююцца і не заўсёды давяраюць урачам.
Сёння пры педыятрычным аддзяленні паліклінікі створаны чатыры ўчасткі, працуюць чатыры ўрачы-педыятры, адзін падлеткавы ўрач і ўрач-оталарынголаг.
– Да педыятрычнага аддзялення паліклінікі прыпісана 5 247 дзяцей. І нас радуе, што іх колькасць павялічваецца. Асабліва гэта бачна ў катэгорыі дзяцей да года. Калі раней такіх на адным участку было да 20, то цяпер на кожным больш за пяцьдзясят, – расказвае Галіна Мікалаеўна, і вочы яе свецяцца радасцю.

Хаця ў паўсядзённым жыцці радасная ўсмешка не кожны дзень з’яўляецца на твары ўрача. Асаблівыя перажыванні прыно- сяць жанчыне дзеці, якія з-за асацыяльных паводзінаў бацькоў застаюцца без біялагічнай сям’і, цяжкія роды ў жанчын і хворыя малышы – а такое, на жаль, нягледзячы на развіццё медыцыны, здараецца і сёння.
– Да гэтага не прывыкаеш, як лічаць многія з тых, хто не звязаны з медыцынай. Наадварот, з кожным годам абвастраецца пачуццё болю за хворых дзяцей і іх бацькоў, – гаворыць Галіна Мікалаеўна.
Знаёмая з людской бядой і хваробамі з дзяцінства, яна ўжо тады бачыла бальніцу знутры, таму сёння цудоўна разумее людзей, якія знаходзяцца з другога боку дзвярэй кабінета ўрача.
– Работа медыка – гэта жыццё, – упэўнена мая гераіня. – Яна не заканчваецца з наступленнем ночы. Дома з акна я бачу бальніцу, еду ў адпачынак, выходжу у горад – і ў сумачку кладу лекавыя прэпараты першай неабходнасці… Я ж урач. Я заўсёды павінна быць падрыхтаванай.

Яна знайшла сябе тут, на Астравецкай зямлі, якая за гэтыя гады стала для Галіны Мікалаеўны другой радзімай. Тут выраслі яе дзеці, тут яна кожны дзень ідзе на любімую работу, а вечарам вяртаецца ва ўтульны дом.
Яна – звычайная жанчына, якая любіць пракаціцца на веласіпедзе ці адпачыць пасля працоўнага дня ў агародзе, пакорпацца ў зямлі, якая дае сілы жыць і любіць усіх, хто знаходзіцца побач.

Алена ЯРАШЭВІЧ

 Источник: www.ostrovets.by